У Менску прайшоў «RADA FORUM»



«RADA FORUM» — гэта двухдзённая канферэнцыя па пытаннях моладзі і моладзевай палітыкі. Форум арганізаваў Беларускі нацыянальны моладзевы савет РАДА.

Кажа старшыня „Рады” Зміцер Герыловіч:

 

– Рада-форум – гэта мерапрыемства, якое мы праводзім кожныя два гады. Мы ўспрымаем яго і пазіцыянуем заўсёды як такую платформу, дзе збіраюцца моладзевыя беларускія арганізацыі  дзеля таго, каб пакамунікаваць па важных праблемах, з якімі яны сутыкаюцца ў сваёй дзейнасці, і таксама напрацаваць нейкія планы на будучыню, на супрацу. Мы таксама ставім такую мэту – адсочваць, як змяняецца моладзевы сектар, з якімі актуальнымі праблемамі сутыкаецца і як гэтыя праблемы можна пераадольваць.

Сама моладзевая палітыка — гэта “дакумент”, які дзяржава ўспрымае як абяцанне быць адказнай перад моладдзю па стварэнні спрыяльных умоваў для яе развіцця. А ў Беларусі, заўважае Зміцер Герыловіч, такой стратэгіі няма. Таму РІВШ (Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы) пачаў распрацоўваць адпаведны дакумент. Але добра, калі ўдзел у яго распрацоўцы прымае і сама моладзь. Таму падчас «RADA FORUM» усе ахвотныя маглі папрацаваць у групах па напісанню рэкамендацый да тэксту маладзёвай палітыкі. Гэта адпавядае прынцыпу “нічога для нас без нас” — моладзь не як аб’ект, для якога дзяржава прапануе моладзевую палітыку, а — як актыўны суб’ект, які сам яе стварае. Тэмы, якія прапрацоўваліся — гэта актуальныя пытанні, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі ў сферах здароўя, бяспекі, сям’і, працы і адукацыі (напрыклад, наяўнасць абавязковага размеркавання пасля ўніверсітэта, міграцыя маладых спецыялістаў за мяжу ды закон аб адтэрміноўках).

Кася Манюк, Беларуская Радыё Рацыя