У Менску прайшоў устаноўчы сход „Сацыяльна-хрысціянскага руху”



Устаноўчы сход грамадскага аб’яднання „Сацыяльна-хрысціянскі рух” прайшоў 27 траўня ў Менску.   „Гэта аб’яднанне, якое будзе займацца сацыяльнымі кампаніямі — у падтрымку беларускай мовы, умовамі ўтрымання ў пенітэнцыярнай сістэме, антыалкагольнымі праблемамі”, — паведаміла абраная сёння старшынёй арганізацыі Вольга Кавалькова.

Намеснікам старшыні абраны Максім Гацак.

Паводле слоў Кавальковай, на працягу двух-трох тыдняў дакументы будуць пададзеныя на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. „Спадзяемся, што аб’яднанне будзе зарэгістраванае. Калі не, то гэта стане тэстам для міністэрства ў дачыненні да рэгістрацыі дэмакратычных аб’яднанняў”, — сказала яна.

Вольга Кавалькова — актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД). БХД шэсць разоў беспаспяхова спрабавала афіцыйна зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі ў якасці палітычнай партыі. Устаноўчыя з’езды праходзілі ў 2009 годзе, двойчы ў 2010-м, у 2011-м і двойчы ў 2015-м.

У сакавіку 2011 года ў інтэрв’ю амерыканскай газеце The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, „верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная”. „Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны бандыты”, — сказаў ён.

belapan.by