Шэсце на „Дзяды” ў Менску



Апоўдні ў Менску ад гадзіннікавага завода і парка Чалюскінцаў пачалося дазволенае ўладамі шэсце на Дзяды. Калона з некалькіх соцень чалавек, “абрастаючы” ўдзельнікамі, кіруецца ў напрамку Курапатаў, дзе акцыя і завершыцца. На акцыю сабраліся людзі розных узростаў. Тыя, хто памятае тысячныя шэсці 90-х, і маладыя, што ўпершыню памінаюць дзядоў.

Кажа даўняя ўдзельніца шэсцяў на Дзяды, дарадца Зянона Пазьняка Дыяна Мікульская:

– Я за тое, за што мы хадзілі яшчэ пры Пазьняку, гэта тое, за што паўсці буду, але пайду. Канешне ў тыя часы, калі было шмат людзей, калі стаялі каля Перамогі і бачылі калону з Плошчы Незалежнасці. Такія былі калоны, такія былі сцягі, так было прыгожа, так было ўзнёсла. Канешне сумная дата, але быў нейкі такі ўздым, хацелася і верылася ў тое, што вось трошкі і пераможам. Хадзіла і хадзіць буду пакуль жывая. Гэта святое – 25 сакавіка і Дзяды.

Кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

– Былі часы, калі на Дзяды хадзілі двума калонамі, але мы лічым, што гэта недарэчна. Кансерватыўна-хрысціянская партыя падае заяўку, выступае асноўным арганізатарам, але мы заўсёды далучаемся і далучыліся ў гэты раз. Напрацягу гадоў сэнс Дзядоў не змяняецца і  асноўны пасыл, што трэба памятаць сваю гісторыю, сваіх герояў, сваіх загінулых і закатанаваных дзеля таго, каб не дазволіць гэтаму паўтарыцца, дзеля таго, каб нацыя жыла. 

Кажа кінарэжысёр і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык:

– Прынесла плакаты, расцяжкі, якія пісала паўночы: „Ленин жив, Ленин спит, Ленин спид”, яшчэ ёсць „Серп і молат на плоце – смерць і голад у хаце”. Яшчэ мы нясем „Прывід камунізма – квартырант у Драздах”, „Камуністы назад”. У нас яшчэ 9-метровы сцяг бел-чырвона-белы. Менчукі выходзьце – гэта шэсце ў Курапаты – месца, дзе камуністы паклалі каля 1 млн 600 тыс бязвінных беларусаў. Гэты крык павіс над Беларуссю – трэба выйсці!

Кажа удзельнік шэсця Глаголеў-Васьковіч:

– У 1937 годзе з 29 на 30 кастрычніка пачалося вынішчэнне нацыянальнай эліты Беларусі. Былі знішчаны пісьменнікі і паэты – 122 чалавека за ноч. Людзі беларускай душы, беларускай мовы, беларускай мары пра незалежнасць і сваю дзяржаву. Курапаты – гэта знак беларускга народа, быць бітым і бясконца „наступаць на граблі”.

Кажа ўдзельнік шэсця Юрась Палейка:

– Я заўсёды хаджу недзе з 90-х. Па-першае, гэта памінанне, а таксама часткова пратэст. Варта, каб людзі не забывалі свае нацыянальныя святы, свае нацыянальныя сімвалы.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара