У Менску адбыліся шэсце і мітынг ў Лошыцкім яры (абноўлена)



У Менску адбыліся традыцыйныя шэсце і мітынг у Лошыцкім яры, дзе ў 30 – 40-х гадах мінулага стагоддзя адбываліся масавыя расстрэлы. Мерапрыемства арганізавала Кансерватыўна-Хрысціянскай партыя БНФ. Яно было дазволена Менгарвыканкамам. У Лошыцкі яр прыйшло каля 50 чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі, знічамі, кветкамі.

Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, выступаючы на мітынгу, падкрэсліў неабходнасць памятаць пра злачынствы, якія адбываліся на беларускай зямлі ў сталінскія часы.

 – Кожны год мы прыходзім сюды, нягледзячы на любое надвор’е. Што б там не адбывалася, мы тут. Гэта вельмі добра. Гэта значыць, мы жывем. Жыве нашая нацыя. Выходзяць маладыя людзі. Бачылі сёння маленькую дзяўчынку, якая прыйшла сюды з бабуляй. Яна ўжо ў сваім узросце разумее, што памяць – гэта вельмі важны чыннік чалавечага існавання. Бо чалавек, калі ён не памятае, калі ён не паважае папярэднія пакаленні, – цяжка назваць у поўным сэнсе такога чалавека чалавекам. А нацыя, якая забывае, не мае перспектыў.

 І таму тыя, хто хоча знішчыць беларускую нацыю, робяць стаўку на бяспамяцтва. Нам нельга забываць аб нашай трагічнай гісторыі, – падкрэсліў Беленькі.

На мітынгу зачыталі зварот лідара КХП-БНФ Зянона Пазняка, у якім ён распавёў аб расстрэлах у Лошыцкім яры і ў іншых месцах Беларусі і ўвогуле аб рэпрэсіях, якія нанеслі вялізарныя страты беларускаму народу. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

***

Каля 40 чалавек бяруць удзел у шэсці ў Лошыцкі яр ў Менску, прымеркаваным да дня памяці продкаў „Дзяды”. Мерапрыемства арганізавана Кансерватыўна-Хрысціянскай партыяй — БНФ і дазволена Мінгарвыканкам.

Людзі ідуць пад бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі КХП-БНФ з транспарантамі „Дзяды”, „Малітва за Беларусь” і „Малітва за беларускі народ”. У Лошыцкім яры пройдзе мітынг у памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій.

Калону суправаджаюць каля дзясятка супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, вядзецца відэаздымка. Каля Лошыцкага парку прыпаркавана некалькі міліцэйскіх грузавікоў для перавозкі асабовага складу і затрыманых, а таксама машына ДПС.

belapan.by