У Менску праходзяць суды над затрыманымі ў выхадныя



У судах Беларусі 25 студзеня адбываюцца разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да затрыманых на мінулых выхадных. 

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, на акцыях пратэсту 23—24 студзеня было затрымана не менш за 155 чалавек. 

На гэты момант у менскіх судах ужо вынесена каля 30 пастаноў. Большасць падсудных атрымалі адміністрацыйны арышт ад 14 да 25 сутак. Таксама суддзі выносілі рашэнні аб штрафах ад 20 да 50 базавых велічынь (580—1.450 рублёў).

Як паведамляў БелаПАН, суботнія затрыманні (каля 150 чалавек) — самыя масавыя пасля 20 снежня мінулага года. Упершыню за апошнія некалькі тыдняў была заўважаная тэхніка сілавікоў, якая заязджала ў цэнтр Мінска. Гэта магло быць звязана з тым, што першы раз пасля 6 снежня ў тэлеграм-каналах быў прапанаваны адзіны час выхаду на вуліцы (для стварэння ланцугоў салідарнасці). У той жа час метрапалітэн і мабільны інтэрнэт функцыянавалі ў звычайным рэжыме. Варта таксама адзначыць, што днём адначасовага збору ўпершыню стала субота, а не нядзеля.

Мяркуючы па фатаграфіях і відэазапісах у сацсетках, пратэсты праходзілі ў розны час сутак. БелаПАН налічыў у сталіцы 49 акцый, візуальная інфармацыя пра якія была размешчаная ў найбольш папулярных сетках і тэлеграм-каналах СМІ і прыватных асоб, з агульнай колькасцю ўдзельнікаў 1.171 (у нядзелю, 17 студзеня, былі размешчаныя фота- і відэасведчанні аб 20 акцыях з удзелам 336 чалавек, якія трапілі ў кадр; 10 студзеня — 21 акцыя, 869 удзельнікаў; 3 студзеня — 29 акцый, 1.015 удзельнікаў).

Пратэстныя мерапрыемствы прайшлі таксама ў Жодзіне, Дзяржынску, Салігорску (Мінская вобласць), Наваполацку (Віцебская вобласць), Лідзе (Гродзенская вобласць), населеных пунктах паблізу сталіцы.

belapan.by