У Менску прынятае рашэнне аб заснаванні ПАА „Дзея”



У Менску 10 лістапада прынятае рашэнне аб заснаванні праваабаронча-асветніцкага аб`яднання „Дзея”.

Гэта другая спроба афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі, першая была зроблена ў 2017 годзе, але Міністэрства юстыцыі адмовіла.

Заснавальнікам аб`яднання з`яўляецца палітык і грамадскі дзеяч Алесь Лагвінец.

10 лістапада на ўстаноўчым з`ездзе ён растлумачыў неабходнасць яшчэ адной спробы рэгістрацыі тым, што гэта дазваляе арганізацыі дзейнічаць, па меншай меры, да афіцыйнага адказу Мінюста.

У сходзе ўдзельнічала 55 чалавек (для падачы дакументаў на рэгістрацыю ў міністэрства неабходны ўдзел ва ўстаноўчым з`ездзе не менш за 50 чалавек).

Яны зацвердзілі статут аб`яднання і кіраўніка, якім стаў Лагвінец. Цяпер ініцыятары аб`яднання маюць намер падаць дакументы аб рэгістрацыі ў Мінюст.

У адпаведнасці са статутам арганізацыі яе мэтамі з`яўляюцца: садзейнічанне пабудове грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, сцвярджэнню прынцыпаў свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі; стварэнне неабходных умоў для асветы грамадзян Беларусі ў галіне абароны і прасоўвання правоў чалавека; садзейнічанне забеспячэнню незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, павышэнню яе міжнароднага аўтарытэту як дэмакратычнай прававой дзяржавы.

У пачатку сакавіка 2017 года Лагвінец выйшаў са складу праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб`яднання „Рух „За Свабоду”. Каментаваць прычыны палітык не стаў, адзначыўшы, што плануе займацца тым жа, чым і раней, але” з большай эфектыўнасцю: адукацыяй, дапамогай людзям, рашэннем мясцовых праблем, працай з моладдзю”.

На справаздачна-выбарчай канферэнцыі руху „За Свабоду” 16 кастрычніка 2016 года Лагвінец разам з Юрыем Губарэвічем, які цяпер з`яўляецца старшынёй аб`яднання, вылучаўся на пасаду кіраўніка арганізацыі, але па выніках галасавання прайграў. Лагвінцу прапаноўвалі заняць пасаду першага намесніка старшыні руху, аднак ён адмовіўся, пагадзіўшыся ўвайсці ў савет аб`яднання і, як ён заяўляў раней, заняцца праблемамі мінскай гарадской арганізацыі.

Падчас парламенцкіх выбараў 2016 года Лагвінца не зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў сталічнай Сухараўскай акрузе, аднак ён быў актыўным назіральнікам на ўчастку, дзе выбарчую камісію ўзначальваў вядомы бізнесмен Павел Тапузідзіс.

Лагвінец нарадзіўся ў 1972 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці „міжнародныя адносіны” (1995), магістратуру ва ўніверсітэце Рабера Шумана ў Францыі (1999), польскую дыпламатычную акадэмію (2005). Працаваў перакладчыкам у Еўрапарламенце (валодае англійскай, французскай і польскай мовамі).

belapan.by