У Менску развіталіся з Аляксандрам Кулінковічам



Цырымонія развітання з лідарам гурту „Нейра дзюбель” Аляксандрам Кулінковічам прайшла 5 жніўня ў рытуальнай зале крэматорыя Паўночных могілак.

Развітацца з музыкантам прыйшлі каля 2 тысяч чалавек. У ліку тых, хто прыйшоў праводзіць яго ў апошні шлях, былі вядомыя музыканты — удзельнікі гурта „Нейра дзюбель”, Лявон Вольскі, Піт Паўлаў, Алег Хаменка, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч, а таксама шматлікія журналісты і прыхільнікі.

У зале прайшла цырымонія адпявання нябожчыка паводле праваслаўнага абраду. Святар, які адпяваў музыканта, адзначыў, што не быў прыхільнікам творчасці „Нейра дзюбель”, аднак прыгадаў, што шмат гадоў таму пабываў на іх канцэрце. „Яны выступалі ў цэнтры Менска на Гарадскім Вале. Гэта быў сапраўдны жывы канцэрт. Я памятаю шчырасць таго чалавека, які стаяў на сцэне”, — сказаў ён. Святар таксама адзначыў уклад Кулінковіча ў культурную спадчыну Беларусі як музыканта і паэта.

Труну з целам Кулінковіча праводзілі ў апошні шлях пад 20-хвілінныя апладысменты прысутных у крэматорыі і музыку яго групы.

Последние аплодисменты

Gepostet von Анастасия Иванова am Sonntag, 5. August 2018

Як паведамлялася, музыкант памёр на 47-м годзе раніцай 4 жніўня ў рэанімацыі адной з менскіх бальніц, куды быў дастаўлены напярэдадні з пнеўманіяй.

БелаПАН