У Менску развіталіся з Анатолем Грыцкевічам



У касцёле Святых Сымона і Алены ў Менску адбылася цырымонія развітання з гісторыкам, навукоўцам і грамадскім дзеячам Анатолем Грыцкевічам, які памёр 21 студзеня на 86-м годзе жыцця. Па свайму духу гісторык Анатоль Грыцкевіч быў рыцарам і ваяром, – кажа беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, які сярод соцень грамадзянаў удзельнічаў у развітанні з Анатолем Грыцкевічам. Развітанне адбылося ў менскім Чырвоным касцёле. „Я працаваў з Анатолем Грыцкевічам зусім нядаўна над яго апошняй, на жаль, кнігай „Сцягі Воршы”, рэдактарам якой я быў. І ў час гэтай працы даведаўся, што сам гісторык знайшоў дакумент у Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага, што адзін з яго продкаў удзельнічаў у Аршанскай бітве”, – распавёў Уладзімір Арлоў.

– Яго далёкі продак баярын Юхно-Грыцкевіч удзельнічаў у Аршанскай бітве і вярнуўся з яе пераможцам. Анатоль Грыцкевіч, як і яго продак, таксама быў рыцарам, быў ваяром. Ён ваяваў за гістарычную праўду, ён, як калісьці і Скарына, быў медыкам па адукацыі і нават нейкі час лекаваў людзей, але потым абраў, як і наш выдатны гуманіст, іншы шлях.

„Як і Францішак Скарына, Анатоль Грыцкевіч вырашыў лекаваць душы людскія. Даваць людзям тое, што Скарына называў „бронямі духоўнымі”: духоўную сілу, праўду аб гісторыі, якая лечыць ад бяспамяцтва,” – сказаў Уладзімір Арлоў.

* * *

Анатоль Грыцкевіч зрабіў вельмі шмат, каб жыхары Беларусі пазналі старажытную гісторыю краіны і ганарыліся тым, што яны беларусы, – сказаў акадэмік Радзім Гарэцкі. Ён удзельнічаў у імшы па Анатолю Грыцкевічу, якая прайшла ў Чырвоным касцёле ў Менску.

– Ён адкапаў вельмі многа выдатнейшых падзей, якія былі ў гісторыі Беларусі. Яго кнігі з цікавасцю чытаюцца. Вось апошняя яго кніга была пра Аршанскую бітву, якая вельмі цікавая, вельмі важная. Я з ім сябраваў, таму для мне гэта асабліва цяжкая страта. Гэта таксама вялікая страта не толькі для яго сяброў, але і для ўсёй нашай Беларусі.

Але тое, што зрабіў Анатоль Грыцкевіч і памяць аб ім захаваецца ў Беларусі навечна, — упэўнены Радзім Гарэцкі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя