У Менску развіталіся з пісьменнікам Леанідам Мараковым



У Менску, у царкве Святых Пятра і Паўла адпелі і правялі ў апошні шлях даследчыка сталінскіх рэпрэсій пісьменніка Леаніда Маракова, які вярнуў з нябыту імёны больш чым 20 000 рэпрэсаваных беларусаў.

img_5037

Гаворыць паэт Уладзімір Някляеў:

– Так сталася, што мы развітваемся з Леанідам Мараковым  на гадавіну Плошчы-2010 года. Я перакананы, што на Плошчы плячо ў плячо з тымі, хто туды прыйшоў у марозны вечар 19-га снежня, стаялі тыя ахвяры, імёны якіх ён уваскрасіў для жыцця. Яны стаялі з намі, яны маўчалі, але мы ведалі, пра што маўчалі з імі. Жывыя з мёртвымі і мёртвыя з жывымі.

Леанід Маракоў адышоў з жыцця 17 снежня. Пасля яго засталіся тры дзясяткі кніг даследаванняў з біяграфіямі ахвяр камуністычных рэпрэсій. Пахавалі пісьменніка на Заходніх могілках непадалёк ад сталіцы.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота budzma.by