У Менску развіталіся з Уладзімірам Цыплаковым (абноўлена)



У Менску адбылося развітанне з легендарным хакеістам Уладзімірам Цыплаковым. Ён стаў першым гульцом з Беларусі, які патрапіў у наймацнейшую лігу свету — канада-амерыканскай НХЛ. Зрабіў паспяховую кар’еру ў клубах «Лос-Анджэлес Кінгз» і «Бафала Сэйбрз», выступаў у адной тройцы з легендай сусветнага хакею, бамбардзірам з беларускімі каранямі Уэйнам Грэцкі. У апошнія гады жыцця Цыплакоў працаваў хакейным трэнерам. На развітанні, якое прайшло ў менскім Парку Горкага на катку хакейнага клуба «Юнацтва», дзе Уладзімір Цыплакоў завяршаў кар`еру гульца, прысутнічалі многія знакамітыя хакеісты і трэнеры.

Нягледзячы на біяграфію, Цыплакоў заставаўся даволі простым чалавекам, кажа яго сябар Сяргей Селіванаў:

– Мы працавалі з ім у хакейным клубе «Шахцёр» Салігорск. Гэта было вялікае хваляванне. Як там будзе? А аказалася, што гэта проста ўнікальны чалавек. Вельмі цяжка гаварыць, што быў. Таму што такіх людзей я не бачу зараз у асяроддзі. Чалавек з вельмі моцным стрыжням, які меў сваё бачанне, ён яго нікому не навязваў, але па кожным пытанні меў сваё меркаванне і заўсёды яго абгрунтоўваў.

У складзе зборнай Беларусі Уладзімір Цыплакоў гуляў на 6 чэмпіянатах свету і дзвюх Алімпіядах, быў найлепшым нападнікам. На гэтых турнірах ён правёў 46 матчаў, у якіх набраў 48 балаў. Трэнерская кар`ера была меней яскравая, але, па сведчаннях Сяргея Селіванава, таксама прынесла карысць хакею. Уладзімір Цыплакоў памёр ва ўзросце 50 гадоў. Ён будзе пахаваны на Усходніх могілках беларускай сталіцы.

Цалкам матэрыял:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

***

17 снежня ў сталіцы развіталіся з вядомым беларускім хакеістам Уладзімірам Цыплаковым.

Развітанне з хакеістам, які ў свой час гуляў у НХЛ за «Лос-Анджэлес, прайшло ў будынку крытага катка ў парку імя Горкага ў Менску.

Праводзіць яго ў апошні шлях прыйшлі такія вядомыя ў хакеі людзі, як Анатоль Варывончык, Эдуард Занкавец, Алег Хмыль, Андрэй Сідарэнка ды іншыя.

Былі спартсмены і трэнеры з іншых відаў спорту, а таксама некаторыя дзяржаўныя дзеячы.

Пахавалі Уладзіміра Цыплакова на Усходніх могілках, побач з Русланам Салеем.

Нагадаем, што па факце трагічнай смерці Цыплакова Следчым камітэтатам зараз праводзіцца праверка. У красавіку яму споўнілася ўсяго 50 гадоў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара