У Менску развіталіся з выдаўцом Паўлам Жуком



З прадпрымальнікам, выдаўцом Паўлам Жуком, які памёр у 65 год, развіталіся ў Менску. Сярод самых знакамітых праектаў Паўла Жука былі газеты „Свабода” і „Наша Свабода”. Нагадаем, што іх рэдактарам быў журналіст і дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання Ігар Гермянчук.

Развітацца з Паўлам Жуком у рытуальную залу па вуліцы Кульман у Менску прыйшлі дзясяткі людзей. Адзін з іх, журналіст і прадпрымальнік Алесь Суша, кажа: „Нясцерпна цяжка губляць людзей, з якімі распачыналася ўся гэтая выдавецкая справа ў адроджанай вольнай Беларусі”.

– У свой час былі зробленыя ўвогуле нечуваныя, неймаверныя рэчы. І такія рэчы можна было рабіць з такім тэмпераментам, які быў у Паўла. Ён стане ў адзін шэраг з такімі выбітнымі беларускімі выдаўцамі, як Уласаў, Кухта. Проста ён сваім жыццём заслугоўвае быць у самым ганаровым пантэоне беларускіх дзеячоў. Я ганаруся, што быў з ім знаёмы, што многія справы мы пачыналі разам.

Сярод тых, хто прыйшоў развітацца з Паўлам Жуком, была рок-спявачка Кася Камоцкая:

-Павел, канешне, заўжды здзіўляў мяне энергіяй. І заўжды, нават у самыя цяжкія моманты, ён быў настроены аптымістычна. Ніколі не дазваляў сабе песімістычнага погляду на жыццё. І заўжды новыя праекты. Да самага апошняга, увесь час былі новыя і новыя праекты. Гэта кажа пра яго натуру – творчую, вельмі актыўную і прагную да жыцця.

Пахаваны прадпрымальнік і выдавец Павел Жук у вёсцы Вуглата Асіповіцкага раёну. 

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]