У Менску развіталіся з Аляксандрам Ціхановічам



Сотні мінчукоў прыйшлі да Філармоніі развітацца са спеваком Аляксандрам Ціхановічам.

 

Народны артыст Беларусі памёр уначы 28 студзеня.

Музыка, слаўны сваім удзелам у ВІА “Верасы”, пачынаў сваю кар’еру з рок-н-рольнага андэрграўнду Менску ў другой палове 1960-ых.

У архіўным інтэрвію нашаму карэспандэнту Аляксандар Ціхановіч распавёў пра сваю першую бас-гітару:

– Прыехалі “Czerwone Gitary”, мы ўсе пайшлі ў Палац спорту. Я прыйшоў, паглядзеў, я не хацеў адтуль сыходзіць. Я сказаў: “Усё, я так хачу, я буду абавязкова так граць”. Мы скінуліся грашыма, купілі мне бас-гітару. Бас-гітара каштавала 190 рублёў у той час – гэта вялізныя грошы былі. Струны мне наматалі ў “Белмузпракат” – насупраць Опернага тэатра. Яны намотвалі струны для раяля, але зрабілі струны для бас-гітары. У мяне была такая вялізная калонка, я з сабой вазіў.

Перад тым як апынуцца ў “Верасах”, Аляксандар Ціхановіч граў джаз у ансамблі Сувораўскай вучэльні, напачатку 70-х з гуртом “Факіры” выконваў кавер-версіі польскіх гуртоў, выступаў у складзе джаз-рокавага ансамблю “Менск”.

Развітанне з музыкам пачнецца з памінальнай літургіі ў храме Аляксандра Неўскага. Грамадзянская паніхіда адбудзецца ў будынку Белдзяржфілармоніі з 11.00 да 14.00 па менскім часе.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск