У Менску стартавалі міні-аўто!



У сталічным музеі першага з’езду РСДРП адбываецца першая ў краіне выстава міні-аўтамабіляў, ці афіцыйна – “маштабных мадэляў”. На ёй прэзентаваныя калекцыі спартовых, замежных ды савецкіх легкавікоў, грузавікоў, аўтобусаў асноўных марак. Дарэчы, нават з лозунгамі савецкіх часоў. А таксама з вядомых кінафільмаў-камедыяў з фотавыявамі вядомых персанажаў унутры. Усё – ад лічаных пакуль заўзятараў з усёй краіны. З імі тут можна сустрэцца сам-насам і наладзіць дзелавыя стасункі.

У ініцыятара, 50-гадовага Вадзіма Пакроўскага, захапленне адно і палкае – вось ужо за 30 год ён калекцыянуе і вырабляе міні-аўтамабілі. У яго больш за 700 мадэляў. Нядаўна  стаў пераможцам міжнароднага конкурса на лепшую, зробленую сваімі рукамі  мадэль, што праводзіла вядомая аўтафірма “Адлер-М” –  гэта быў грузавік-смеццезборнік.  Але ёсць у калецыі Вадіма адмысловая рыса, пра што і было першае пытанне ад “РР”.

IMG_0070

РР: Вадзім, як і чаму перайшоў да калекцыянавання і вырабу менавіта беларускіх мадэляў?

– Бо “перахварэў” усякімі замежнымі.  Мы кінуліся іх збіраць, калі абрынуўся славутая “жалезная заслона”. Тады ганяліся за спартовымі “Ферары” ды “Поршамі”. У мяне застаецца ў наяўнасці падборка англійскіх марак 60-х гадоў мінулага веку, аксаміт якой фірмовы “Ролс-ройс”. Зараз цікавей збіраць і працаваць з аўто, з якімі мы выраслі дзецьмі, прызвычаіліся іх бачыць і ездзіць – у тых жа тралейбусах. Не магу апісаць, з якім трымценнем глядзеў 22 разы ў юнацтве стужку “Мировой парень” вытворчасці Беларусьфільма” 1972 года, дзе наш МАЗ браў удел у міжнародных спаборніцтвах. Балазе, Беларусь тады была вядомая ва ўсім свеце сваім аўтаспортам. Зараз мала хто памятае, што ў Менску ў 70-х праходзіў старт ралі “Монтэ-Карла”, трасы “Баравая”, этапы кубка Усходняй Еўропы. Прыязджалі вядомыя гоншчыкі, фота якіх у мяне цудам захаваліся ў архіве. Альбо фільм “Водитель автобуса” 1983 года. Там галоўную ролю сыграў Віктар Паўлавіч Тарасаў, з якім сябраваў бацька, і ён часта ў нас гасцяваў. Зрабіў уласнаруч “Ікарус” з гэтага фільма . Наогул, ёсць  адмысловы імпэт, калі разумееш, што твая мадэль зроблена ў адзінкавым варыянце і такой больш нідзе няма.

РР: Але калекцыянаванне – рэч не танная…

– Я спрабую браць не колькасцю, а якасцю. Часам адна мадэль каштуе сотні звычайных. Скажам аўтазавод у Саратаве выпусціў вельмі абмежаваным накладам міні-мадэлі старых “Волгаў”, кожная з якіх на аўкцыёне сёння каштуе да 10 тысяч еўра! Музей нічога не плаціць за выставу. Наша мэта – папулярызацыя гэтага мастацтва, як мы лічым. У Нямеччыне, між іншым, калекцыянаваннем “маштабных аўтамабіляў” займаецца кожны чацвёрты дарослы мужчына…

– Нас у краіне пакуль дзясяткі, але мы ведаем адзін аднаго праз інтэрнэт, раз у месяц у Менску адбываюцца жывыя сустрэчы. Хоць узрост адмыслоўцаў ад 30 да 50. Моладзь яшчэ, як след, да гэтага часу не стала на ногі фінансава. Плюс адсутнасць шырокай рэклмы. Але над гэтым, бадай, працуем…

IMG_0069

Алесь Міхасёў, да руху міні-аўто далучыўся з дзяцінства, працаваў на аўтапрадпрыемстве і на АЗС.

– Сучасны парк аўтамабіляў “прычасаны”, аднастайны па выглядзе. Пазнаёміўшыся з Вадзімам, убачыў наяве на колькі ювелірная і творчая праца па вырабу, як некаторыя паблажліва кажуць, “мадэлек”. Захацеў “прытуліцца” да гэтых людзей і ужо крыху магу нешта сам. У самога пакуль 30 міні-аўто. Прываблівае ўнутраная беларускасць, патрыятызм, з якім даследуюць айчынную аўтавытворчасць, яе гісторыю. Аднаўляюць аўтамабілі, што некалі прынеслі прызнанне і славу Беларусі ва ўсім свеце на трасе ў Баравой…

Між іншым, з адкрыццём першай выставы заўзятары звязваюць вялікія надзеі на пашырэнне руху. Тым больш, праз інтэрнэт  маюць шчыльныя сувязі з калекцыянерамі з Расеі і Заходняй Еўропы. Выстава ж будзе працаваць у музеі 1 з’езда РСДРП да сярэдзіны снежня.

Віталь Сямашка, Беларуская Радыё Рацыя

Фота аўтара