У Менску судзілі незалежных журналістаў (абноўлена)
Журналістам незалежных медыя, затрыманым падчас асвятлення акцый пратэсту 17 кастрычніка – прысудзілі 13-15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне міліцыі. 17 кастрычніка сілавікі затрымалі Дар’ю Спевак з парталу Onliner, а таксама Вадзіма Заміроўскага і Усевалада Зарубіна, якія працуюць для Tut.by і БелаПАН і асвятлялі Студэнцкі марш. Прадстаўнікі менскай міліцыі запэўнівалі, што ў журналістаў «проста правераць дакументы», аднак пазней супраць іх пачалі адміністрацыйны працэс. Прайшлі суды, якія не адпавядаюць беларускаму заканадаўству, пракаментавала для партала ТУТ.бай яго галоўная рэдактака Марына Золатава:
– Не прымаюцца да ўвагі довады абароны. Суддзя для таго, каб прыняць рашэнне, нават не выдаляецца, не робіць ніякай паўзы. Самае смешнае, што суддзя перад тым, як абвесціць рашэнне, нават не папрасіла прысутных устаць. З майго боку казаць пра нейкую павагу да суда зараз бессэнсоўна. Узнікае пытанне – навошта наогул суд у гэтай сітуацыі?
Журналістаў выцясняюць з вуліц, кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, які пераслед журналістаў называе сапраўднай «вайной супраць слова»:
– Вайна з журналістамі ўвайшла ў свой апагей. Калегаў затрымліваюць, саджаюць, прычым ужо не на 3 сутак, а на 15. Абсалютна сфальшаваныя пратаколы, непраўдзівыя рашэнні суддзяў, на мой погляд. Відавочна, што журналісты нічога не парушалі, яны проста выконвалі сваю працу. Улада робіць усё магчымае, каб выціснуць журналістаў з вуліцы.
Журналістаў, затрыманых 17 кастрычніка ў Кастрычніцкім судзе беларускай сталіцы судзіла Алена Жывіца. Іх абвінавачвалі паводле адміністрацыйных артыкулаў 23.34, гэта – удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і 23.4 – непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Алесь Любянчук, карэспандэнт польскага тэлеканала „Белсат”, які вяшчае на Беларусь арыштаваны на 15 сутак на падставе арт. 23.4 КоАП (непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі). Такое рашэнне 19 кастрычніка на пасяджэнні суда Кастрычніцкага раёна Менска прыняла суддзя Алена Жывіца, паведамілі БелаПАН яго калегі.
Любенчука затрымалі 18 кастрычніка каля сталічнага стадыёна „Дынама” падчас працы на Партызанскім маршы.
* * *
Супрацоўнік газеты „Беларусы і рынак” Арцём Маёраў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванні міліцыянту. Суддзя Алена Жывіца пакарала яго 15-цю суткамі адміністрацыйнага арышту.
Як паведамляе БАЖ, у матэрыялах справы Арцёма былі відавочныя супярэчнасці. Згодна аднаму пратаколу, у 14:30 18 кастрычніка ён не падпарадкаваўся патрабаванню міліцыянта сыйсці з месца, дзе парушаўся грамадскі парадак. Але згодна іншаму пратаколу, а 14-й ён ужо быў затрыманы падчас масавага мерапрыемства! Суддзі гэта не перашкодзіла.
Журналіст інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і партала tut.by Усевалад Зарубін арыштаваны на 15 сутак за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве паводле рашэння, якое агучыла на паседжэнні суда Кастрычніцкага раёна Менска суддзя Алена Жывіца.
Раней тая ж суддзя Жывіца прысудзіла арышт карэспандэнту onliner.by Дар’і Спевак (13 сутак) і фотакарэспандэнту БелаПАН і tut.by Вадзіму Заміроўскаму (15 сутак).
Беларускае Радыё Рацыя
