У Менску традыцыйна ўшанавалі памяць Рут Уолер



Супрацоўнікі амбасады ЗША ў Беларусі сумесна з прадстаўнікамі ААН і МЗС Беларусі ўсклалі кветкі на магілу амерыканкі Рут Уолер.

У 1946 годзе Рут Уолер разам з мужам працавала ў Менску ў створанай ААН місіі UNRRА – Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый, якая аказвала эканамічную дапамогу краінам Еўропы, а таксама займалася рэпатрыяцыяй і падтрымкай уцекачоў.

У Менску Рут Уолер, якой не было і 25 гадоў, уратавала беларускіх хлопчыкаў, якія тапіліся ў возеры. Аднак сама пераахалодзілася і сур’ёзна захварэла на запаленне лёгкіх і хуткацечны менінгіт. Памерла Рут 4 жніўня, пахавалі яе ў беларускай сталіцы на Вайсковых могілках.

Як адзначыў Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, “амерыканка, не шкадуючы свайго жыцця, дапамагала беларусам у няпросты пасляваенны час, і гэта павінна стаць прыкладам ва ўзаемадачыненнях паміж нашымі краінамі”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара