У Менску трэці дзень запар фіксуецца рэкорд цяпла



 Трэці дзень запар у Беларусі, у тым ліку ў сталіцы, фіксуюцца тэмпературныя рэкорды. 19 лютага абноўленыя максімумы на 35 метэастанцыях, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных і архіўных звестак Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

21 ранейшы рэкорд датаваўся 19 лютага 1998 года, тры — 1995 года, два — 2002-го, адзін — 2014-га, сем — 1961-га, адзін — 1950-га. 70 гадоў трымаўся рэкорд у Жыткавічах — 8,5 градуса вышэй за нуль. Новы максімум — 8,9 градуса. У гэтым райцэнтры Гомельскай вобласці ўчора было цяплей за ўсё ў краіне.

Яшчэ два рэкорды паўтарыліся, у тым ліку якія адносіліся да 1914 года (7,9 градуса ў Мар’інай Горцы).

У Менску паветра прагрэлася да 6,6 градуса вышэй за нуль. Папярэдні рэкорд складаў 6 градусаў (зарэгістраваны ў 1998 годзе). Абнавіліся экстрэмумы ў Гародні — 7,3 (7,1 таксама 22 гады таму), Магілёве — 7,2 (6,6 у 1961 годзе), Віцебску — 5,5 (5 у 1961-м).

Рэкорды дня практычна паўсюдна абнавіліся ў Віцебскай, Менскай і Магілёўскай абласцях, на большасці метэастанцый Гомельскай вобласці, на палове — Берасцейскай, на 40% — Гарадзенскай (гаворка пра тыя, якія ўлічваюцца адначасова аператыўна і ў электронным архіве на meteoinfo.by). Максімум для 19 лютага па-ранейшаму складае 9,6 градуса (адзначаны ў 1950 годзе ў Берасці).

Такім чынам, з 19 дзён лютага пяць былі з тэмпературнымі рэкордамі (1-е, 2-е, 17—19-е). З пачатку месяца зарэгістравана 160 новых максімумаў цяпла. У студзені было дзевяць дзён з рэкордамі, у снежні — 11.

У найбліжэйшыя дні цёплае надвор’е захаваецца. 20 лютага ў Менску чакаецца плюс 4—6 градусаў. Можа быць пабіты рэкорд дня, які складае 5,7 градуса (зарэгістраваны ў 1998 годзе). Сённяшні дзень стане, хутчэй за ўсё, апошнім, калі ў краіне будуць зафіксаваныя новыя максімумы цяпла: гістарычныя паказчыкі за 21 лютага і наступныя дні значна вышэйшыя, чым за 17—20 лютага.

belapan.by