У Менску ўшанавалі памяць 100 тысяч ахвяр Менскага гета



У мемарыяльным комплексе „Яма” 22 кастрычніка адбыўся жалобны мітынг у сувязі з 75-годдзем знішчэння Менскага гета.

У акцыі прыняло ўдзел каля 500 чалавек. Сярод іх былі намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Жаўняк, міністр замежных спраў Уладзімір Макей, міністр аліі і інтэграцыі Ізраіля Софа Ландвер, выканаўчы віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага яўрэйскага кангрэса Рая Каленава, а таксама былыя вязні Менскага гета і нацысцкіх канцлагераў, праведнікі свету, якія ратавалі габрэяў у час вайны, прадстаўнікі габрэйскіх абшчын з Еўропы, замежныя дыпламаты.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта зачытаў зварот Аляксандра Лукашэнкі, у якім адзначалася, што „больш за 100 тысяч яўрэяў прайшлі тут праз сапраўднае пекла — голад, холад, зневажэнне і катаванні”. „Боль ад гэтай трагедыі не сціхае. Гэта боль за старых, дзяцей, жанчын і мужчын, пазбаўленых жыцця толькі за іх паходжанне”, — гаварылася ў звароце.

Макей у сваім выступленні падкрэсліў, што на тэрыторыі Менскага гета былі знішчаны грамадзяне не толькі СССР, але і Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі, іншых еўрапейскіх дзяржаў. Міністр таксама нагадаў, што падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзейнічала больш за 260 нацысцкіх лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей, у тым ліку больш за 70 гета. „Мы павінны супрацьстаяць любым праявам ксенафобіі і расізму, выступаць супраць любых праяў этнічнай і рэлігійнай нянавісці”, — заявіў Макей.

Софа Ландвер, выступаючы перад прысутнымі, адзначыла, што на тэрыторыі Беларусі падчас вайны загінула або было знішчана больш за мільён габрэяў. Паводле яе слоў, Беларусь „амаль тысячу гадоў была для яўрэяў агульным домам”. „Абодва нашы народы выпілі да дна чашу атрутнай нянавісці, дзікага масавага знішчэння”, — сказала ізраільскі міністр.

Яна падзякавала Беларусі і асабіста Аляксандру Лукашэнку за стварэнне мемарыяльнага комплексу на тэрыторыі былога лагера смерці Трасцянец, што пад Менскам.

[Not a valid template]

Дні памяці ахвяр Менскага гета і Халакосту ў Беларусі праходзяць 22—23 кастрычніка.

23 кастрычніка ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау адбудзецца міжнародны форум „75 год трагедыі і гераізму Менскага гета: праблемы і перспектывы захавання памяці пра Халакост у Беларусі”. У гэты ж дзень будзе арганізавана экскурсія па Менску з наведваннем тэрыторыі былога гета.

Выставы, прысвечаныя трагедыі яўрэйскага народа, пройдуць у Нацыянальным мастацкім, Нацыянальным гістарычным музеях, а таксама ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Менскае гета, створанае акупацыйнымі сіламі нацысцкай Германіі падчас Другой сусветнай вайны, было адным з найбуйнейшых у Еўропе. Яно ліквідавана 22 кастрычніка 1943 года. За 825 дзён існавання ў гета загінула каля 100 тысяч чалавек.

БелаПАН