У Менску выберуць лепшага сышчыка краіны



Заўтра, 11 верасня, у сталіцы стартуе заключны этап агляду-конкурсу на званне “Лепшы супрацоўнік крымінальнага вышуку”.

У навучальных аўдыторыях і на спартыўных пляцоўках Акадэміі МУС сярод лепшых прадстаўнікоў гэтай службы, вызначаных па выніках раённых і абласных адборачных тураў, разгорнецца напружаная барацьба. Удзельнікі прадэманструюць майстэрства валодання табельнай зброяй, баявымі прыёмамі барацьбы. Спецыяльная камісія таксама ацэніць тэарэтычныя і практычныя навыкі падыспытных пры выкарыстанні нарматыўных і прававых актаў, якія рэгламентуюць аператыўна-службовую дзейнасць. Акрамя таго, праграмай запланаваны выпрабаванні па аратарскім майстэрстве.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, урачыстае закрыццё конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 13 верасня ў Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе на алеі, закладзенай у гонар 100-годдзя з Дня ўтварэння беларускага крымінальнага вышуку.

Першы агляд-конкурс на званне “Лепшы супрацоўнік крымінальнага вышуку” прайшоў у 2011 годзе.

zviazda.by