У Менску за чатыры гады пабудавана 20 арэндных дамоў



У Менску за чатыры гады пабудавана 20 арэндных дамоў на 2,5 тыс. кватэр, паведаміў старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац на прэс-канферэнцыі 6 верасня.

Паводле яго слоў, цяпер будуецца яшчэ адзін дом, у 2018 годзе будуць здадзены ў эксплуатацыю два дамы. „Такія праекты будуць рэалізоўвацца, патрэба ў арэндным жыллі ў сталіцы ёсць”, — адзначыў Шорац.

„Хацелася б будаваць больш, але з улікам фінансавых магчымасцяў гэта складана. Сёлета стаіць задача вырашыць пытанне са шматдзетнымі сем’ямі, якія стаяць у чарзе тры гады”, — заўважыў ён.

Пры гэтым старшыня Менгарвыканкама падкрэсліў, што аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва з году ў год будуць скарачацца. Сёлета будзе пабудавана 644 тыс. кв. м, у тым ліку 160 тыс. — для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. „Патрэбнасці ў жыллі ёсць, і асобам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, мы будуем з нізкай рэнтабельнасцю — да 5% па мінімальным кошце. Яны атрымліваюць ільготныя крэдыты”, — адзначыў Шорац.

„У нас ёсць у запасе Нотынгем (жылы раён забудовы ў Мінску на 1,2 млн. кв. м. — БелаПАН.) з унікальнай архітэктурай. Гэта дазволіць нам пабудаваць досыць вялікую колькасць жылля”, — сказаў кіраўнік Мінгарвыканкама.

Ён таксама адзначыў, што ў Менску яшчэ ёсць пляцоўкі, у тым ліку былыя прамысловыя, пад будаўніцтва жылля, але большасць з іх абцяжарана зносам, таму кватэры ў дамах, якія могуць быць на іх пабудаваныя, каштуюць значна даражэй, чым у сярэднім па горадзе.

З нагоды развіцця гарадоў — спадарожнікаў Менска Шорац паведаміў, што Менгарвыканкам будзе ўдзельнічаць у развіцці Рудзенска і часткова Смалявічаў. „Усё астатняе ў падпарадкаванні Менаблвыканкама”, — сказаў ён.

belapan.com