У Менску запрацавала бясплатная сетка Free Wi-Fi Minsk



19 красавіка ў Менску стала даступная бясплатная сетка Free Wi-Fi Minsk. Гэта 115 грамадскіх кропак доступу, устаноўленых кампаніяй «Дзелавая сетка», піша tut.by. Прытым усё рабілася без дзяржаўнай падтрымкі – гэта прыватная ініцыятыва правайдэра. Генеральны дырэктар ТАА «Дзелавая сетка» Павел Аляксеенка распавёў, што скарыстацца бясплатным доступам у інтэрнэт можна было і раней, толькі сетка звалася Wi-Fi.BN.BY, што для многіх нічога не казала.

Пасля вывучэння замежнага вопыту ўсе кропкі аб’ядналі ў адзіную сетку пад назвай Free Wi-Fi Minsk.

Сеткай Free Wi-Fi Minsk можна скарыстацца ў многіх буйных гандлёвых цэнтрах, дзясятках кафэ, аўтазаправачных станцыях А-100, у шэрагу бальніц, гасцініц, аддзяленняў банкаў.

Для падлучэння неабходна ўвесці свой нумар мабільнага і атрымаць на яго пароль. Наступныя аўтарызацыі ў сетцы будуць праходзіць у карыстальніка аўтаматычна. Пасля падлучэння сеткай можна карыстацца бясплатна неабмежаваную колькасць часу без абмежаванняў па хуткасці.

Паводле tut.by