У Менску затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык



Грамадскія актывісты пад прэсінгам. У Менску затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык. Мікалайчык раней была асуджаная за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на 10 сутак.

Дагэтуль шэраг актывістаў апазіцыі былі затрыманыя ў Менску па адкладзеных прысудах. 26 жніўня быў зьняволены Максім Вінярскі, а 28 жніўня — Мікалай Статкевіч. Праз пяць сутак Статкевіча выпусцілі на волю. Актывістка Наталля Гарачка правяла 3 дні пад арыштам. Барысаўскі раённы суд прызнаў яе вінаватай у дробным хуліганстве. Паводле прысуду суддзі Сяргея Герасімовіча, жанчына лаялася падчас затрымання на палігоне пад Барысавам. Як паведамлялася, 1 верасня Натальля Гарачка прыехала адведаць сына Івана, які праходзіць тэрміновую службу ля Барысава. Там размешчана частка падраздзяленняў, задзейнічаных у вайсковых вучэннях «Захад-2017». Тым часам, да 30 базавых велічынь штрафу, гэта 645 рублёў, засуджаны актывіст Леанід Кулакоў. Актывіста судзілі ў Першамайскім судзе Менска. Гэта пакаранне за адзіночны пікет у падтрымку лідараў незалежных прафсаюзаў, які Кулакоў правёў 14 жніўня.