Затрыманы ў Менску аргенцінскі графіціст адпушчаны з міліцыі



Затрыманы ў Мінску аргенцінскі мастак Франчэска Басалеці адпушчаны з міліцыі.

Басалеці, які мае двайное грамадзянства, аргенцінскае і італьянскае, — удзельнік фестывалю вулічнага мастацтва Urban Myths, што праходзіць у Менску. Ён наносіў графіці на фасад дома 21 на вуліцы Рабкораўскай і быў затрыманы міліцыяй 18 верасня апоўдні для праверкі дакументаў і дазволу на нанясенне графіці.

У відэаінтэрв’ю „Радыё Свабода” пасля свайго вызвалення Франчэска Басалеці расказаў, што ў міліцыі з ім абыходзіліся ветліва, быў запрошаны перакладчык. „Мяне спыталі, што я маляваў. Міліцыянерам эскіз спадабаўся. Мяне запэўнілі, што больш праблем не будзе”, — сказаў мастак. Басалеці ўдакладніў, што дазволу для нанясення малюнка ў яго не было, і цяпер ён працягне працаваць толькі тады, калі ён будзе атрыманы.

Арганізатар фестывалю Urban Myths куратар стрыт-арт-супольнасці Signal Алег Ларычаў паведаміў БелаПАН, што мастак наносіць графіці з выявай чалавечага сэрца, эскіз быў накіраваны ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна на ўзгадненне. „Калі мы рыхтавалі падобны праект у Кастрычніцкім раёне, мы пачыналі працу без дакументаў на руках. Але была вусная дамоўленасць з раённай адміністрацыяй, гэтага было дастаткова”, — дадаў Ларычаў.

Паводле яго інфармацыі, ініцыятыва праверыць ў мастака дакументы зыходзіла ад гарадскіх уладаў. Ларычаў нагадаў пра падзеі ў красавіку і чэрвені гэтага года, калі яго затрымалі, судзілі і пакаралі арыштам і штрафам пасля нанясення пратэстных графіці ў Мінску. Ён правёў сувязь паміж тымі падзеямі і сённяшнім затрыманнем аргенцінскага мастака.

Варта адзначыць, што 13 верасня Басалеці сустракаўся з выкладчыкамі і навучэнцамі гімназіі-каледжа мастацтваў, размешчанай у Цэнтральным раёне Мінска. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанні мастацкага роспісу фасадаў будынкаў. „Зараз прапрацоўваецца пытанне аб нанясенні мурала на адзін з жылых дамоў раёна”, — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце раённай адміністрацыі. У сустрэчы ўдзельнічаў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігар Бузоўскі.

belapan.com

[manual_related_posts]