У Менску затрымалі беларускага Wiki-актывіста Марка Бернштэйна



У тэлеграм-канале ГУБАЗіКу апублікавана відэа затрымання вядомага беларускага Wiki-актывіста Марка Бернштэйна.

„Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы”, – паведамілі аўтары канала. Што гэта за злачынства і якім артыкулам КК РБ апісваецца – загадка.

Таксама ў паведамленні не ўдакладняецца, якое дачыненне ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Беларусі мае да абароны наратываў крамлёўскай прапаганды.

10 сакавіка расейскі прапагандысцкі тэлеграм-канал „Мракоборец” апублікаваў асабістыя дадзеныя Марка і абвінаваціў яго ў парушэнні новага расейскага „закону аб фэйках” з-за ўнясення правак у артыкулы „Вікіпедыі” аб нападзе Расеі на Украіну.

Марк Бернштэйн вядомы ў Беларусі як актывіст і папулярызатар развіцця свабоднай інтэрнэт-энцыклапедыі Wikipedia.org. Уваходзіць у топ-50 рэдактараў рускай „Вікіпедыі”.