У Менску затрымалі больш за 200 чалавек (абноўлена)



Паводле апошніх звестак у Менску на плошчы Незалежнасці ўвечары 27 жніўня было затрымана больш 200 чалавек.

Шэсце вернікаў праз цэнтр Менску скончылася затрыманнямі дзясяткаў чалавек на плошчы Незалежнасці. Апрача ўдзельнікаў акцыі затрымалі амаль усіх журналістаў, якія асвятлялі пратэст. Журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС нібыта «для праверкі дакументаў. На плошчы Незалежнасці са сцягамі і плакатамі сабралася каля тысячы чалавек. АМАП заблакаваў прыступкі да Чырвонага касцёла, не пускаючы людзей з плошчы да касцёла.

***

На плошчы Свабоды ў Менску АМАП сёння каля 18 гадзін „для праверкі дакументаў” затрымаў больш за 20 журналістаў, якія сабраліся для асвятлення шэсця вернікаў усіх канфесій да Чырвонага касцёла.

Міліцыя ў Менску адмаўляе затрыманне журналістаў. Іх даставілі ў аддзел для праверкі дакументаў – паведамляецца ў телеграм-канале ведамства. Карэспандэнты незалежных СМІ, зарэгістраваных СМІ, а таксама замежныя карэспандэнты, акрэдытаваныя пры міністэрстве замежных спраў, будуць адпушчаныя – запэўнілі ў міліцыі. Каля 20 журналістаў, якія сабраліся ў цэнтры Менска ў чаканні пачатку чарговай акцыі пратэсту, спачатку завялі ў мікрааўтобус, а затым павезлі ў РАУС. Каля тысячы чалавек удзельнічаюць у Мінску ў шэсці вернікаў ад плошчы Свабоды да Чырвонага касцёла. Яны ідуць па тратуары па баку ГУМа, скандуючы „Верым! Можам! Пераможам!”, а каля будынка КДБ — „Выпускай!”. Дэманстранты нясуць бел-чырвона-белыя сцягі, кветкі і абразы, спыняюцца на чырвонае святло. Галава калоны перыядычна спыняецца, каб дачакацца астатніх.

Напярэдадні вечарам, 26 жніўня, сілавікі на некаторы час замкнулі ў касцёле некалькі дзясяткаў чалавек.

Сярод затрыманых карэспандэнты БелаПАН Захар Шчарбакоў і Сяргей Сацюк, прадстаўнікі tut.by, Reuters, AP, тэлеканала „Настоящее время”, РИА Новости і інш.

Апошні раз масавае затрыманне журналістаў адбывалася 28 ліпеня, калі грамадзяне прыйшлі да КДБ з хадайніцтвамі аб змяненні меры стрымання Віктару Бабарыку.

belapan.by