У Менску затрыманая перакладчыца і выкладчыца Вольга Калацкая



У Менску 15 студзеня ў сваёй кватэры была затрыманая перакладчыца і выкладчыцы Вольга Калацкая.

Пры затрыманні яна паспела паведаміць на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што яе павезлі ў Фрунзенскае РУУС „на размову”.

У суботу раніцай адвакату Калацкай у РУУС паведамілі, што яе павезлі на следчыя дзеянні. Таксама стала вядома, што яна затрыманая Следчым камітэтам у межах крымінальнай справы. Па якім артыкуле — пакуль невядома, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтр.

Вольга Калацкая — выкладчыца англійскай мовы, перакладчыца кнігі Маргарэт Этвуд „Пенелапіяда”, а таксама твораў Вірджыніі Вульф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга. Займаецца перакладамі фільмаў і мультфільмаў на беларускую мову.

Напярэдадні затрымліваліся, але пасля допыту былі адпушчаныя дырэктар прыватнага выдавецтва „Кнігазбор” Генадзь Вінярскі, дызайнер Анатоль Лазар, заснавальнік прыватнага выдавецтва „Янушкевіч” Андрэй Янушкевіч, кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха.

belapan.by