У Менску затрыманы наш журналіст Арцём Сізінцаў (абноўлена)



Стала вядома, што журналіст-фрылансер Арцём Сізінцаў, які супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя, дакладна ўтрымліваецца ў ІЧУ горада Жодзіна. Суд над ім пакуль не адбыўся.

Спачатку Арцёма Сізінцава адвезлі ў РУУС Заводскага раёна горада Менска – гэта стала вядома толькі прыкладна праз шэсць гадзін пасля затрымання, бо супрацоўнікі РУУСа не давалі аніякай інфармацыі. Але ж а поўначы каля 60-ці затрыманых адпусліцілі, а астатніх, як паведамілі ў РУУСе, адвезлі ў Жодзіна. Так як Сізінцава не вызвалілі, то імаверна ён быў дастаўлены ў ІЧУ горада Жодзіна.

Затрымалі ж Арцёма Сізінцава шостага верасня прыкладна а 14 гадзіне на вуліцы Чабатарова, што ў раёне Трактарнага заводу ў Менску. Вось як апісвае падзеі відавочца:

– Мы ўбачылі пад’язджаюць машыны з вайскоўцамі, зялёная форма, каскі, яны нас прыціснулі да дома. У мяне ўражанне, што там проста мазгоў няма, ні мазгоў ні маральных прынцыпаў, яны проста ціснулі з усёй сілы. Там заду, каля сцяны, дзяўчыне стала дрэнна, а яны стаяць побач і ржуць, як коні. Там проста быў нейкі дзікі трэш.

Каля Заводскага РУУСа, супрацоўнікі якога доўгі час ігнаравалі пытанні людзей пра затрыманых.

Беларускае Радыё Рацыя