Украінскаму журналісту Віталю Сізову прадпісана пакінуць Беларусь (абноўлена)



Карэспандэнт украінскага тэлеканала „Общественное телевидение Донбасса” Віталь Сізоў мае намер пакінуць Менск раніцай 2 лютага. Пра гэта ён паведаміў БелаПАН.

Мінулай ноччу Сізова прама з нумара ў гатэлі забралі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе ён прабыў да 6 гадзін раніцы. Журналісту паведамілі, што яму забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. У сувязі з тым што Беларусь і Расея ўваходзяць у саюзную дзяржаву і выкарыстоўваюць адзіны спіс неўязных асоб, Сізову рэкамендавалі пакінуць тэрыторыю Беларусі на працягу 24 гадзін.

„У міліцыі сказалі, што я знаходжуся ў нейкім спісе Расейскай Федэрацыі як чалавек, які не мае права ўязджаць на яе тэрыторыю да 2021 года. З якога моманту я ў гэтым спісе, мне не сказалі, але я падазраю, што не так даўно. Яшчэ ў лістападзе я прыязджаў у Мінск нармальна. Ды і цяпер без праблем і абсалютна легальна прыехаў”, — расказаў Сізоў БелаПАН.

Паводле слоў журналіста, ён прыехаў у Мінск, каб забраць акрэдытацыю ў МЗС Беларусі, якая яму выдадзеная на тэрмін з 1 студзеня па 31 снежня 2017 года, а таксама каб патрапіць на пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па Украіне, якое праходзіць сёння ў Менску. „Пра сваё знаходжанне ў нейкіх спісах я не падазраваў. Калі я ў іх быў, то як мне выдалі акрэдытацыю? Расею я не наведваў і наведваць не планую. Напэўна, і не даведаўся б пра гэтую забарону да 2021 года”, — дадаў Сізоў.

Журналіст таксама паведаміў, што ў міліцыі яму не выдалі ніякіх афіцыйных папер з нагоды яго знаходжання ў спісе неўязных і неабходнасці пакінуць Беларусь на працягу 24 гадзін. „Мне далі зразумець, што гэта як бы не строгія тэрміны. Сказалі: зрабіце справы свае і едзьце. Я адказаў, што ў мяне квіткі на раніцу на заўтра. І мне сказалі, што нармальна, калі ў вас квіткі ёсць, тады і едзьце”, — паведаміў Сізоў.

Што канкрэтна стала падставай для забароны на яго ўезд у Расею, журналіст не ведае. „Цяжка каментаваць гэтую сітуацыю. Можа быць, Расійская Федэрацыя неяк спрабуе ўплываць на ход перамоў групы такімі спосабамі і выкарыстоўвае для гэтага Беларусь. Але гэтыя дзеянні шкодзяць у першую чаргу Беларусі і яе іміджу нейтральнай пляцоўкі для перамоваў, калі з украінскімі журналістамі вось так паступаюць па ўказанні Расійскай Федэрацыі. Рацыянальнага тлумачэння таму, што адбылося, у мяне няма. Акрамя таго, што нехта ў гэтай групе з боку Расіі ці яе сатэлітаў не жадае тут бачыць украінскіх журналістаў, тым больш мясцовых, данецкіх”, — сказаў Сізоў.