У Менску затрыманыя тры карэспандэнты газеты „Новы Час”



У Менску затрыманыя тры карэспандэнты газеты „Новы Час” — Дзмітрый Дзмітрыеў, Аляксандр Зяньковіч і Яна Трусіла, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Рэдактар „Новага Часу” Аксана Колб паведаміла, што Дзмітрыеў пры затрыманні быў моцна збіты і зараз знаходзіцца ў Партызанскім РУУС. Зяньковіч і Трусіла дастаўленыя ў Кастрычніцкае РУУС.

Як паведамлялася раней, падчас акцыі сёння, як мяркуецца, затрыманы аператар тэлеканала „Белсат” Дзмітрый Солтан. Паводле інфармацыі тэлеканала, апошні раз журналіста бачылі каля дзіцячай чыгункі, якая размешчаная паміж станцыямі метро „Парк Чалюскінцаў” і „Маскоўская”. Тут сілавікі праводзілі затрыманні ўдзельнікаў маршу. З тых часоў, прыкладна паўтары гадзіны, ён не выходзіў на сувязь.

Сёння ў Менску і іншых гарадах Беларусі праходзіць чарговая акцыя прыхільнікаў перамен — на гэты раз яна прымеркаваная да дня памінання продкаў „Дзяды” і называецца „Марш супраць тэрору”.

belapan.by