У Мікалаеве адслужылі Імшу па загінулых ад рук НКВД



У вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёна ўшанавалі памяць расстраляных вязняў Глыбоцкай турмы. У 1941 годзе на дарозе ля гэтай вёскі НКВД расстраляла калону зняволеных, якіх перамяшчалі на ўсход. Загінула да 2 тысячаў чалавек.

На месцы пахаванняў ахвяраў была адслужана Святая Імша, якую ўзначаліў віцебскі біскуп Алег Буткевіч:

– Атэістычны рэжым адмаўляў існаванне Бога, за гэтым пазней ідзе і ўяўленне пра жыццё чалавека, пра ягоную сутнасць, пра, у рэшце рэшт, годнасць чалавека. Тады ўзнікаюць такія моманты, калі жыццё чалавека не шануецца. У жыхароў гэтай парафіі гэтая памяць вельмі жывая. Я сустракаў людзей, якія памяталі той час, тыя падзеі. Яны распавядалі  як гэта адбывался. Гэтая памяць не знікае.

Пасля Багаслужбы выступіла некалькі чалавек, а сярод мясцовых парафіянаў знайшліся асобы, якія, пераказваючы словы сваіх бацькоў, распавялі пра злачынствы НКВД:

– Мая родная сястра нават вазіла коньмі гэтых забітых цэлы тыдзень. Уся дарога ад моста да нашага скрыжавання пяці дарог была ў крыві. Была рака крыві. Жахліва было.

Апроч мясцовых жыхароў на Імшу прыехалі людзі з Віцебска, таксама была група ад Руха Салідарнасці “Разам”, якая ўсклала вянок да памятнага крыжа. Сярод іншага, пасля Імшы таксама выступіла прадстаўніца Шумілінскага райвыканкама, якая ў агульных словах пажадала ўсім міру.

 

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара