У міліцыю паступілі паведамленні пра мініраванне некалькіх будынкаў у Менску



Менская міліцыя правярае новыя паведамленні пра мініраванне некалькіх будынкаў у цэнтры сталіцы 11 лютага.

„Сёння на працягу дня ў міліцыю паступіла некалькі паведамленняў пра мініраванне будынкаў у г. Менску”, — паведамляецца ў тэлеграм-канале ГУУС Менгарвыканкама. Пры гэтым у прэс-службе ведамства не ўдакладнілі, пра якія менавіта будынкі ідзе гаворка.

Адзначаецца, што „ва ўсіх названых месцах працуюць супрацоўнікі міліцыі, прымаюцца неабходныя меры бяспекі. Працуюць сапёрна-піратэхнічныя групы”.

„Менская міліцыя гатовая спыніць любыя супрацьпраўныя дзеянні і аператыўна выбыць у месцы ўскладнення становішча”, — гаворыцца ў паведамленні.

11 і 12 лютага ў Палацы Рэспублікі праходзіць VI Усебеларускі народны сход, у якім бяруць удзел прыблізна 2,4 тыс. дэлегатаў і 300 гасцей.

Сёння з дакладам выступае Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама мае намер прысутнічаць на сходзе 12 лютага.

З пачатку 2021 года гэта ўжо пятае паведамленне аб мініраванні будынкаў. 27 і 30 студзеня, а таксама 3 і 10 лютага невядомыя паведамілі аб мініраванні ў сталіцы ўстаноў адукацыі, адміністрацыйных, гасцінічных, транспартных і гандлёвых аб’ектаў. Усе паведамлення былі ілжывымі.

belapan.by