У МЗС паступіла больш за 70 заявак на акрэдытацыю журналістаў замежных СМІ



 Пасля ўвядзення новага парадку акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ ў МЗС Беларусі паступіла больш за 70 заявак ад 15 медыя. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз.

„З раніцы панядзелка (5 кастрычніка. — БелаПАН.) на нашым сайце запрацавалі электронныя формы для падачы заявак на часовую альбо пастаянную акрэдытацыю для замежных журналістаў, — сказаў ён. — Нагадаю, што ў адпаведнасці з новым палажэннем, якое ўключыла ў сябе шэраг перадавых практык у гэтай сферы, гэты працэс быў таксама спрошчаны — зараз усё можна зрабіць у электронным выглядзе, скарочаны пералік неабходных базавых дакументаў. Карткі на часовую акрэдытацыю можна будзе атрымаць у электронным выглядзе і раздрукаваць самастойна, без неабходнасці атрымліваць іх асабіста ў МЗС. Тэма асабліва актуальная ў гэты складаны эпідэміялагічны перыяд. Мы таксама ўлічылі папярэднюю аб’ектыўную крытыку па гэтай тэме, што журналістам, якія працуюць у рэгіёнах, дзеля часовай карткі даводзілася ехаць у Менск”.

Паводле яго слоў, да канца сённяшняга дня плануецца правесці першае пасяджэнне абноўленай камісіі МЗС па акрэдытацыі.

„Вядома, у першую чаргу, як і абяцалі, разгледзім раней пададзеныя заяўкі. — адзначыў Глаз. — Паспрабуем таксама аператыўна даць магчымасць працаваць хаця б некалькім журналістам розных сусветных СМІ, пакуль разглядаюцца дакументы іх калег. Адназначны прыярытэт на гэтым этапе таксама будзе аддадзены грамадзянам тых краін, дзе зарэгістраванае замежнае медыя. Сучасныя акрэдытацыйныя карткі новага ўзору таксама ўжо падрыхтаваныя”.

Глаз зазначыў, што падчас працы камісіі „нейкія пытанні могуць узнікаць”. „Напрыклад, ужо магчымы першы прэцэдэнт выкарыстання камісіяй пункта 11 палажэння, якое тычыцца прынцыпу ўзаемнасці па тых выпадках, дзе прымяняюцца абмежавальныя меры ў дачыненні да журналістаў беларускіх СМІ. Па ходзе працы камісіі сітуацыя будзе абнаўляцца”, — сказаў ён.

2 кастрычніка Савет міністраў Беларусі зацвердзіў новую рэдакцыю палажэння аб парадку акрэдытацыі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі. З гэтага дня раней выдадзеныя акрэдытацыі перасталі дзейнічаць. Новыя заяўкі на часовую акрэдытацыю разглядаюцца на працягу пяці дзён, на пастаянную — 30.

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў, што новае палажэнне „стала шмат у чым больш ліберальным за папярэдняе” і гэта „не нейкая зачыстка інфармацыйнага поля, спыненне акрэдытацый ці яшчэ штосьці з гэтым звязанае, а менавіта пераакрэдытацыя замежных СМІ па новых правілах”.

Найбольш важным новаўвядзеннем у параўнанні з рэдакцыяй дакумента ад 25 снежня 2008 года з’яўляецца пункт пра тое, што „ў якасці журналістаў замежных СМІ акрэдытуюцца, як правіла, грамадзяне дзяржаў, у якіх зарэгістраванае замежнае СМІ”.

Акрэдытаваныя журналісты павінны выконваць мясцовае заканадаўства, кіравацца асноўнымі прынцыпамі дзейнасці СМІ ў краіне, прытрымлівацца нормаў прафесійнай этыкі. Апошніх двух пунктаў не было ў папярэдняй рэдакцыі дакумента — яна рэгулявала ў першую чаргу працэдурныя моманты акрэдытацыі, але не пастулявала патрабаванняў агульнага характару.

У канцы жніўня былі пазбаўленыя акрэдытацыі каля двух дзясяткаў прадстаўнікоў замежных СМІ, у ліку якіх беларускія карэспандэнты BBC, Reuters, AFP, RFI, тэлеканала „Настоящее Время” і інш.

belapan.by