У Наваполацку і Полацку прайшлі чарговыя пратэстныя акцыі
Праваабаронцы паведамляюць пра больш за 20 затрыманых на акцыях пратэсту ў Наваполацку і Полацку 15 лістапада.
У спісах затрыманых у гарадах-суседзях па стане на 6 гадзін раніцы панядзелка значыцца 21 чалавек. З іх 18 у Наваполацку, у тым ліку жанчыны, і трое – у Полацку. Некалькіх жанчын увечары адпусцілі дадому пасля прафілактычнай гутаркі.
Наваполацк па колькасці затрыманых у нядзелю знаходзіцца на трэцім месцы пасля Менска і Гародні.
У Наваполацку ўдзельнікі акцыі пратэсту збіраліся ў стыхійнага мемарыялу насупраць гарвыканкаму. Неўзабаве туды прыехалі сілавікі, якія затрымлівалі людзей. Частка пратэстоўцаў яшчэ нейкі час знаходзілася на плошчы, але пасля 15-й гадзіне там практычна нікога не засталося. Пасля гэтага работнікі ў спецвопратцы ў прысутнасці сілавікоў прыбралі мемарыял.
