У нядзелю чатырох студэнтаў асудзілі за непадпарадкаванне



Да 14-15 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі сёння чатырох затрыманых у Менску 5 сакавіка ўдзельнікаў студэнцкага прафсаюзнага сходу. Суды над затрыманымі прайшлі ў судах Кастрычніцкага і Цэнтральнага раёнаў Менска.

Уладзіслава Калькова, Соф’ю Маргунову і Станіслава Сенюкевіча асудзілі на 15 сутак арышту, Крысціну Міроненку – на 14. Усіх студэнтаў асудзілі за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа па артыкуле 23.4.

А гэтага не было, сказаў у нашым эфіры Дзяніс Садоўскі з аргкамітэту па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, які сачыў за працэсамі.

РР: Іх судзілі за непадпарадкаванне. Як вы можаце пракаментаваць: гэта выдуманы ход суда, студэнты што сапраўды не падпарадкоўваліся міліцыянтам? Як гэта ўвогуле выглядала?

Дзяніс Садоўскі: Гэта абсалютна выдуманая гісторыя. Ніякага непадпарадкавання не было. Іх змясцілі ў аўтобусы, якія стаялі, і развязлі па РАУСах. Ніякага непадпарадкавання не было. Чаму менавіта гэтых чацвярых абралі, цяжка сказаць і знайсці логіку ў гэтых дзеяннях. Свабодны прафсаюз беларускі будзе гэта абскарджваць. Мы праінфармуем міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і Міжнародную арганізацыю працы.

На ўстаноўчай канферэнцыі Лігі студэнцкіх аб’яднанняў 5 сакавіка затрымалі каля 30 чалавек. Ліга плануецца як галіновая арганізацыя Свабоднага прафсаюза беларускага. Раніцай 6 сакавіка амаль усіх удзельнікаў студэнцкага прафсаюзнага сходу адпусцілі з міліцыі. З імі правялі «прафілактычныя гутаркі» і вызвалілі без складання пратаколаў.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Тут.бай