У Нью-Ёрку адзначылі 100-годдзе БНР



Беларусы Нью-Ёрка пачалі святкаванне 100-х угодкаў БНР у суботу, 24 сакавіка. А 12-й гадзіне госці і арганізатары свята сабраліся ў Social Hall на Манхэтане. Свята пачалося з буфета з беларускімі стравамі і прысмакамі. Працавалі таксама кірмаш беларускіх суверніраў і выстава „Ідэя БНР у ЗША”.

Афіцыйная частка пачалася відэавіншаваннем Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. З прывітальным словам выступіў таксама ганаровы госць свята – першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц.

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук з Акадэміі Навук Польшчы выступіў з экскурсам у часы стварэння БНР. Яшчэ адна навуковая прамова – прафесара Ўартбург Коледжа і выканаўчага дырэктара Цэнтра беларускіх даследаванняў Паўліны Сурвілы – была прысвечана вывучэнню беларускай ідэнтычнасці ў Амерыцы.

Пра тое, як святкавалі ўгодкі БНР на працягу існавання беларускай дыяспары, распавёў адзін са старэйшын беларускай эміграцыі Вячка Станкевіч.

Ірына Хадарэнка, пісьменніца і даследчыца тэорыі і гісторыі літаратуры, прэзентавала свой відэапраект „Галасы свабоды/Voices of freedom”, у якім прагучалі вершы сучасных беларускіх паэтаў і іх пераклады на англійскую мову ў выкананні англамоўных чытальнікаў.

У святочным канцэрце ўзялі ўдзел музыка і кампазітар з Нью-Ёрка, лідар гурта „Літвакус” Зісл Слеповіч, Выканаўцы з Беларусі Яўген Сокалаў (гурт ЗНАрок) і вядомы рэпер і кінаактор Vinsent. Ад імя ўсіх прысутных хочацца падзякаваць фундатарам і арганізатарам мерапрыемства: фонду Орса-Рамана, фундацыі Крэчэўскага і асабіста Валянціне Трыгубовіч; вядоўцам імпрэзы: Андрусю Асадчаму, Вользе Мажытовай, Алене Рыдзеўскай і Ганне Сакалоўскай; а таксама Вользе і Алене Талатынік за пачастунак.

Віктар Дудараў