У офіс Godel Technologies у Гародні прыйшлі сілавікі



Сілавікі прыйшлі ў офіс Godel Technologies у Гародні. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС хацелі агледзець працоўнае месца аднаго з працаўнікоў кампаніі ў рамках адміністрацыйнай справы. Самога работніка на месцы не было, бо ён працуе дыстанцыйна.

Дакументаў на агляд міліцыянты не паказалі, распавёў супрацоўнік кампаніі Віталь Вановіч. Праз паўгадзіны прыехалі яшчэ двое сілавікоў у аліўкавым адзенні без апазнавальных знакаў, пасведчанне паказалі літаральна на секунду. Яны прапанавалі, каб прыехаў начальнік РАУС: «Хочаце па законе, будзе па законе».

Супрацоўнік Godel Technologies Уладзімір Родчанка прасіў супрацоўнікаў міліцыі прадставіцца, а таксама тэлефанаваў адвакату і ўдакладняў, ці маюць яны права пранікаць у офіс без дакументаў. У дачыненні да яго таксама пачалі адміністрацыйны працэс. У выніку Родченко затрымалі прама на працоўным месцы за непадпарадкаванне супрацоўнікам органаў унутраных спраў (арт 23.4 КААП).

Хто такі Уладзімір Родчанка?

Уладзімір Родчанка — інжынер-праграміст у «Godel Technologies». Яму 32 гады, ён жанаты, мае дзяцей пяці і сямі гадоў. Ён рэгулярна падтрымліваў акцыі салідарнасці ў Гародні ў 2020 годзе.

12 жніўня 2020 года Уладзімір з трыма знаёмымі ўстаў на калені насупраць Гарадзенскага аблвыканкама з фота пяцігадовай дзяўчынкі, якая пацярпела ўвечары напярэдадні. Гарадзенцаў затрымалі, збілі ў РАУС і размалявалі твар маркерам. Увечары 12 жніўня Уладзімір трапіў у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Пазней яго неаднаразова судзілі па арт. 23.34, а ён спрабаваў абскардзіць рашэнні суда.

Godel Technologies-IT — кампанія па аказанні паслуг у сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння ў Еўропе. Офісы знаходзяцца ў шасці гарадах Беларусі і іншых краінах.

hrodna.life