У пад’ездзе, заламаўшы руку, невядомы высвятляў асобу праваабаронцы
Невядомы, які прадставіўся супрацоўнікам крымінальнага вышуку, заламаў рукі праваабаронцу арганізацыі Human Constanta Мікіту Мацюшчанкаву і высвятляў яго асобу.
Здарэнне адбылося 12 кастрычніка позна ўвечары ў Ленінскім раёне Берасця, калі той ішоў да свайго сябра:
– На ўваходзе ў пад’езд мне перагарадзіў дарогу чалавек, які пазней прадставіўся супрацоўнікам крымінальнага вышуку. Пачаў патрабаваць, каб я паказаў дакументы, якіх у мяне пры сябе не было. Я яго спытаў: на якой падставе ён патрабуе дакументы? Ён не патлумачыў. У нейкі момант нашай размовы ён заламаў мне руку за спіну і працягваў задаваць пытанні: хто я такі і што я тут раблю? Гаварыў, што ведае ўсіх людзей, якія жывуць у гэтым доме. Ён быў без формы. Потым дастаў нейкае пасведчанне. Было цёмна, я яго не разглядзеў. Калі ён сыходзіў, ён прадставіўся як Мсціслаўцаў Мікалай Пятровіч.
Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РАУС Берасця, у тым ліку адказныя за падраздзяленне крымінальнай міліцыі, у склад якога ўваходзіць і вышук, паведамілі што супрацоўнік пад такім прозвішчам у іх не працуе:
– Добры дзень.
РР: Гэта крымінальная міліцыя Ленінскага раёна?
– Так.
РР: Мікалай Мсціслаўцаў, працуе ў вас такі супрацоўнік? Ці не?
– Не, у нас такога няма?
Тым часам Мікіта Мацюшэнкаў падаў заяву ў міліцыю ў сувязі са здарэннем і чакае вынікаў праверкі па гэтым факце. Ён ужо звярнуўся да траўматолагаў і судмедэкспертаў. Гэтае здарэнне ён ніяк не звязвае са сваёй праваабарончай дзейнасцю, аднак і не выключае што ў нашай краіне “ўсё магчыма”.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.
