У палітзняволенай памёр бацька, якога няма каму пахаваць



У палітзняволенай Валерыі Касьцюговай памёр бацька, у Беларусі не засталося сваякоў, якія могуць яго пахаваць. Пра гэта напісала яе дачка Настасся ў твітэры: «Маці ў турме, я на эміграцыі, бабуля памерла, яго сын, мой дзядзька, таксама памёр даўно. Мой бацька памірае ад раку, і ў мяне пачынаюць заканчвацца сваякі, з якімі я магу пагаварыць».

Нагадаем, што палітоляга і кансультантку Валерыю Касьцюгову ўжо больш за пяць месяцаў утрымліваюць у менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. На яе завялі крымінальную справу па некалькіх артыкулах, у тым ліку «змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Дэталі справы не разгалошваюцца, адвакат пад падпіскай аб невыдаванні, пра суд пакуль гаворкі няма. Прашэння аб памілаванні палітзняволеная не пісала.