У Пастаўскім музеі адкрылася выстава, прысвечаная навукоўцам-землякам



Выстава, прысвечаная навукоўцам-землякам, адкрылася ў Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі. Яна прымеркаваная да Года навукі ў Беларусі і будзе працаваць на працягу года і паступова пашырацца.

Паводле навуковага супрацоўніка Пастаўскага краязнаўчага музея Вадзіма Шышко, напачатку ўсё было трывіяльна. Год Навукі – трэба зрабіць выставу. Але, калі пачалі яе рабіць, аказалася, што Пастаўшчына вельмі багатая на таленавітых людзей і вядомых навукоўцаў:

Спачатку, з першых аповедаў, назбіралася можа дзесяць-дваццаць чалавек, а пасля як пачалі капацца, дык пасыпаліся тыя навукоўцы дзясяткамі адзін па адным. Тады мы зразумелі, што гэта ўжо не будзе пераходнай выставай, бо маштабы такія, што трэба рабіць грунтоўную выставу і не на адзін дзень, а да канца года.

На адкрыцці выставы прысутнічалі і самі навукоўцы, якія нарадзіліся на Пастаўшчыне. Гэта прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Казаравец, доктар тэхнічных навук Антон Вавілаў, дацэнт кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Тадэвуш Стружэцкі і доктар гістарычных навук Іосіф Зямчонак. Яны распавядалі наведвальнікам пра сябе, свой шлях у навуку і далейшую працу на карысць грамадства.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя