У Бараўлянах пратэстуюць супраць вырубкі лесу



У пасёлку Бараўляны побач з Менскам працягваецца супрацьстаянне жыхароў і мясцовай адміністрацыі. Канфлікт разгарнуўся  з-за рашэння пабудаваць каналізацыйны калектар каля дамоў па вуліцы 40-годдзя перамогі. Камянём спатыкнення сталася не толькі камунальная пабудова, але і мажлівая вырубка  1,7 гектара лесапаркавай зоны каля жылых дамоў. Пасля перамоў, скаргаў, некалькіх зваротаў ад мясцовых жыхароў, улады ўсё такі пачалі вырубку парка. “Мы лічым незаконнай вырубку леса,” – гаворыць жыхарка Бараўлянаў Мар’яна.

– Таму што лес пераведзены ў першую катэгорыю. Цяпер можна ўсё секчы. Атрымліваецца, што ўлада робіць супраць народа. Не было праведзена з намі абмеркавання. То бок парушаны нашыя правы, якія адзначаны ў Канстытуцыі. Яны нібыта паляпшаюць горадабудаўніцтва. А на самой справе яны пагаршаюць жыццё 7 тысяч чалавек. Тэхнічны калектар не павінен стаяць у лесе.

“Але да меркавання мясцовага насельніцтва ніхто не прыслухоўваецца,” – дадала спадарыня Мар’яна. Жыхары пасёлка рыхтуюць калектыўны зварот у адміністрацыю прэзідэнта і скаргу ў Канстытуцыйны Суд. Мясцовыя жыхары таксама адзначалі, што на іх ажыццяўляўся ціск з боку забудоўшчыкаў і мясцовых уладаў. На адну з жыхарак дамоў каля будаўнічай пляцоўкі быў складзены адміністрацыйны пратакол.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]