У педагагічныя ВНУ паступіла 16% ад агульнай колькасці выпускнікоў педкласаў



У педагагічныя ВНУ паступіла 16% ад агульнай колькасці выпускнікоў педкласаў, паведаміла старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Кіндзірэнка 24 жніўня на форуме педагагічных работнікаў Менска.

Паводле яе слоў, педагагічныя класы ў мінулым навучальным годзе функцыянавалі ў 23 установах адукацыі, там навучалася 240 чалавек. З іх толькі кожнаму пятаму далі рэкамендацыю для паступлення ў профільную педагагічную ВНУ.

Навучэнцы, якія вучацца ў педагагічных класах, у рамках навучальных гадзін вывучаюць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні (як правіла, тыя прадметы, якія яны самі хочуць выкладаць у будучыні), а таксама асвойваюць праграму факультатыўнага занятку „Уводзіны ў педагагічную прафесію. X—XI класы” . Выпускнікі, якім даюць рэкамендацыю, маюць ільготы пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці.

Сістэма падрыхтоўкі навучэнцаў у профільных класах пакуль не спрацоўвае, лічыць Кіндзірэнка. „Не выконваецца задача па папаўненні працоўнага рэсурсу для сістэмы адукацыі горада”, — сказала яна.

Паводле слоў старшыні камітэта па адукацыі, прыклад дзейнасці педагагічных класаў — нагода задумацца пра профільнай адукацыяй у цэлым.

Прафесійна арыентаваная профільная адукацыя, накіраваная на атрыманне педагагічных, ваенных i iншых спецыяльнасцяў (педагагічныя класы, ваенна-патрыятычныя класы, прававыя і іншыя класы), была ўведзена ў 2015 годзе. Напрыклад, тады ў Менску было адкрыта восем дзясятых класаў прафесійнай накіраванасці.

belapan.by