У Пінску адбыўся агульнагарадскі сход



Нягледзячы на непагадзь і працоўны дзень, увечары аўторка на галоўнай плошчы сабралася каля трох тысяч пінчукоў, якія разлічвалі на размову з гарадскімі ўладамі. Чыноўнікі праігнаравалі мерапрыемства.

Пра гэта прысутным паведаміў адзін з упаўнаважаных народных прадстаўнікоў Анатоль Ваткевіч:

– Літаральна за гадзіну нас запрасілі ў гарвыканкам. Прысутнічалі тыя ж асобы: пракурор, старшыня гарвыканкама і кіраўнік Пінскага ГАУСа. Дыскусіі, канечне, не было. Нам аб’явілі, што вашае мерапрыемства несанкцыянаванае, што ёсць адпаведны закон падачы заявак і г.д. Нас папярэдзілі пра адказнасць. Нас не патрэбна зневажаць, патыкаць і запужваць, мы не будзем сябе весці так, як вядзе сябе гэтая ўлада.

У нядзелю ў Пінску адбыўся шматтысячны мітынг. На ім пінчукі склалі петыцыю да мясцовых уладаў і абралі 7 упаўнаважаных народных прадстаўнікоў. Людзі патрабуюць вызвалення ўсіх арыштаваных дэманстрантаў, прыцягнення да адказнасці сілавікоў, якія катавалі грамадзян і тых, хто ў горадзе чыніў фальсіфікацыі. Таксама пінчукі намагаюцца стварыць “народны кантроль” за працай чыноўнікаў і выклікаюць кіраўніцтва горада на плошчу для адкрытага дыялогу.

Беларускае Радыё Рацыя