У Пінску міліцыянты мяняюць тактыку



Цяпер на прыхільнікаў перамен, якія выходзяць шпацыраваць па пешаходнай вуліцы ў гістарычным цэнтры горада, не складаюць пратаколаў, але затрымліваюць для высвятлення асобы. Раней усіх абвінавачвалі ва ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Гаворыць сябра “Руху “За Свабоду”, праваабаронца Алесь Рамановіч:

– Я там з’явіўся. Як толькі пабачыў мяне маёр Куцэвіч, ён адразу да мяне накіраваўся. Я нават яму прадставіўся як „лицо – последовательный противник действующей власти”. Менавіта так, як напісаў суддзя. Ён мне паведаміў, што я затрыманы для высвятлення маёй асобы і праверкі наконт парушэнняў па артыкуле 23.34. На мяне нават не складалі пратакол затрымання.

Па словах праваабаронцы, у Пінску з канца жніўня па лістапад праз судовы канвеер прайшло не менш за 300 прыхільнікаў перамен. Некаторых асоб па два-тры разы каралі штрафам і суткамі. На сённяшні дзень у мясцовым ізалятары адміністрацыйны арышт адбываюць восем актывістаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pinsk.1reg.by