У Пінску не спыняюцца рэпрэсіі



Рэпрэсіі не спыняюцца. У Пінску штотыдзень адбываецца як мінімум адзін-два суды над грамадзянамі з-за абразы прадстаўнікоў рэжыму, пераважна гэта датычыць міліцыянтаў.

Пра гэта паведамляюць мясцовыя праваабаронцы. Сілавікі пільна сочаць за каментарамі пінчукоў у сеціве і за крытыку адразу ж пачынаецца ціск.

Па словах праваабаронцы Алеся Рамановіча, які адсочвае працэсы, пераважна людзям прысуджаюць да 1,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем альбо не:

– У асноўным ідзе абмежаванне волі з накіраваннем альбо без накіравання. Апошнія некалькі судоў паказалі, што калі чалавек прызнаў віну, раскаяўся, то можа быць нават без накіравання, так званая „хатняя хімія”. Трошкі раней можна было падзяліць на мужчын і жанчын. Калі судзілі жанчын, то звычайна без накіравання. Калі судзілі мужчын, нават з прызнаннем віны, усё роўна прызначалі абмежаванне волі з накіраваннем.

Суразмоўца дадае, што „палітычныя” суды ў Пінску, як і па ўсёй краіне, не спыняюцца ўжо больш года, але ўлетку адбыўся адчувальны ўздым хвалі рэпрэсій. Рамановіч не выключае, што такім чынам улады перастрахоўваюцца перад рэферэндумам.

Беларускае Радыё Рацыя