У Пінску пачынаецца судны тыдзень
З 3 па 7 красавіка ў пінскім судзе адбудзецца разгляд васьмі спраў у дачыненні да ўдзельнікаў акцыі 26-га сакавіка на гарадской плошчы Пінска. Дакладна вядома, што пад пераслед патрапілі: Ігар Салавей, Ігар Петрушкевіч, Алесь Рамановіч, пенсіянер Іван Жук і Андрэй Вабішчэвіч. Імёны яшчэ трох не агучваюцца па іх просьбе.
На думку прадстаўніка “Руху за свабоду”, сябра Партыі БНФ Алеся Рамановіча, гэта захад па запалохванню:
— Гэта акцыя запужвання людзей. Менавіта вось гэтыя выклікі ў міліцыю, і калі ўжо штрафуюць і саджаюць простых людзей, не апазіцыю, гэта разлічана на тое, каб у людзей страх перамог над абурэннем.
Нагадаем, што ў нядзелю, 26-га сакавіка, на цэнтральную гарадскую плошчу выйшла каля 60 жыхароў, каб выказаць сваю салідарнасць з затрыманымі ў Менску і пратэставаць супраць Дэкрэта №3. Тады ўсіх затрыманых вызвалілі з-за патрабаванняў людзей і кіраўнік Пінскага ГАУСа паабяцаў, што аніякага пераследу не будзе.
Пятро Савіч, беларускае Радыё Рацыя