У Пінску пашыраюцца дробныя крадзяжы



Звыш 230 дробных крадзяжоў здзеснена ў Пінску за апошняе паўгоддзе. Уздым крымінагеннай сітуацыі адбыўся ў чэрвені-ліпені. Па словах праваахоўнікаў, традыцыйна ўлетку злачынцы актывізуюцца, так як гэта самы зручны час для іхняй здабычы.

Асноўныя аб’екты для крадзяжоў – ровары, мабільныя тэлефоны і торбы. У сувязі з гэтым Пінскі ГАУС перайшоў на ўзмоцненны рэжым. Але, як адзначае начальнік аператыўна-дзяжурнай часткі Сяргей Грабарэнка, грамадзянам варта быць больш пільнымі за маёмасцю:

–  Найбольш крадуць у нас мабільныя тэлефоны, а з надыходам летняга сезону – ровары. Нават былі выпадкі, калі крадуць у людзей па 2 разы. Гэта значыць, што людзі не прымаюць аніякіх дзейсных мераў па абароне сваёй маёмасці, а несумленныя грамадзяне гэтым карыстаюцца.

Сёлета ў Беларусі адбылася амністыя ў гонар 70-годдзя вызвалення ад нацыстаў, пад яе падпадае болей васьмі тысяч зняволеных, зрабіўшых дробнае правапарушэнне. Ужо звыш тысячы выйшлі на волю. Як паказвае практыка, амаль палова з іх здзяйсняе злачынствы цягам некалькіх месяцаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота bobruisk.ru