У Пінску прайшоў Народны сход



Нягледзячы на непагадзь, каля тысячы жыхароў Пінска сабраліся на чарговы Народны сход на галоўнай плошчы горада.

Усе чакалі дыялогу з дэпутатамі мясцовага Савета і Палаты прадстаўнікоў, якіх запрасілі ў чацвер праз калектыўны зварот, каб абмеркаваць палітычную сітуацыю ў краіне. Ніхто з так званых “народных абраннікаў” не з’явіўся.

Абяцаў прыйсці дэпутат Палаты Аляксандр Амельянюк, – паведаміў адзін са спікераў пратэстоўцаў Анатоль Ваткевіч:

– Гэта паказвае „легітымнасць” нашай улады ад нізу і да верху і ня толькі вертыкалі, але і нашых абраннікаў. Гэта альбо баязлівасць альбо цяжка штосьці сказаць. Ён абяцаў, што пастараецца быць. Чалавек хаця б патэлефанаваў і гэта нас крыху абнадзеяла, прынамсі, нас не разагналі адразу, бо мы чакалі дэпутата.

На Народны сход замест дэпутатаў мясцовага Савета і Палаты Прадстаўнікоў, якіх запрасілі ўдзельнікі, прыйшоў кіраўнік аддзялення міліцыі Дзмітрый Каравякоўскі ў суправаджэнні сваіх падначаленых. Начальнік Пінскага ГАУСа адразу паведаміў прысутным, што мерапрыемства несанкцыянаванае.

Ён паабяцаў, што данясе пазіцыю пратэстоўцаў чыноўнікам, але і нагадаў пра магчымыя штрафы:

 – Вашая просьба будзе пераданая кампетэнтным органам горада. Я тут яшчэ раз заклікаю, не вядзіцеся на дурныя пасылы, што за вас нехта сплоціць штраф. Зразумейце – узаконьце свае дзеянні і ладзьце іх у адпаведнасці з законам. Гарадское кіраўніцтва гатовае прадставіць вам і месца і гадзіну. Але звярніцеся спачатку па дазвол. Адмяняць законы ў дзяржаве, дзе яны дзейнічаюць, я і горад не дазволім. Вы парушаеце тое, за што змагаецеся – Канстытуцыю перадусім.

Пасля прамовы, галоўны міліцыянт Пінска, назіраў за Народным сходам на адлегласці. Удзельнікі мерапрыемства назвалі выступ кіраўніка Пінскага ГАУСа няйначай як спробай запужвання. 

Удзельнікі схода прынялі зварот да пінскіх дэпутатаў мясцовага Савета і Палаты прадстаўнікоў, у якім выказаліся за спыненне палітычнага пераследу і гвалту сілавікоў, за новыя выбары і разгляд усіх фактаў фальсіфікацый.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск