У Пінску праходзяць мерапрыемствы да Дня спажыўца



Напярэдадні Дня правоў спажыўца, які адзначаецца 15 сакавіка, у Пінску прадстаўнікі гарадской сферы абароны правоў спажыўцоў праводзяць кансультацыі насельніцтва і распаўсюджваюць улёткі з інфармацыяй, якая можа дапамагчы ў канфліктных сітуацыях з гандлярамі. Грамадзянам тлумачаць, як правільна паводзіць сябе, калі адчулі падман з боку гандляра альбо незадаволеныя якасцю набытага тавару.

Паводле слоў чальца таварыства абароны правоў спажыўцоў Таццяны Сярэдзіч, нашыя грамадзяне дагэтуль саромяцца на юрыдычным узроўні абараняць свае права:

– Нашы пакупнікі, нашы спажыўцы памылкова думаюць, што іх вусныя зносіны з прадаўцом, або з выканаўцам паслуг, ці з вытворцам да нечага прыводзяць. Усе адносіны ў межах куплі-продажу, здзелак павінны весціся ў пісьмовым выглядзе.

Беларускае таварыства абароны спажыўцоў раіць грамадзянам не марнаваць час на размовы, а неадкладна ўсё афармляць на паперы, бо толькі прэтэнзіі ў пісьмовым выглядзе прымаюцца да разгляду.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя