У Пінску працягваецца паляванне за крытычныя каментары ў бок улады
У Пінску працягваецца паляванне на грамадзян, якія ў сацыяльных сетках пакідаюць крытычныя каментары ў бок прадстаўнікоў рэжыму. Так на тыдні мясцовую жыхарку пакаралі за допісы ў сеціве, іх суд прызнаў абразлівымі ў дачыненні да міліцыянта. Пінчанцы прысудзілі 1,6 гады зняволення без накіравання ў калонію, а таксама штраф памерам у 1 тысячу рублёў.Старшыня гарадской арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Вераніка Іванова адзначае, што рэпрэсіі набылі сістэмны характар:
– Ідзе схаваны рух, ідзе выцісканне з працоўных месцаў тых, на каго можна паўплываць. Прайшоў шэраг затрыманняў, гэта не два-тры чалавека. Вобшукі для актыўных пінчукоў ужо сталі штодзённасцю. У мяне склалася ўражанне, што ў нас па-ранейшаму вінаватых не шукаюць, а назначаюць. І нікога не цікавіць выкананне законнасці, а цікавіць колькасць пасаджаных.
Грамадская дзяячка перакананая ў тым, што ўлады як мінімум будуць працягваць ціск, пакуль не правядуць так званы канстытуцыйны рэферэндум, які запланавалі на люты.
Беларускае Радыё Рацыя
