У Пінску ўдзельніка „кармлення галубоў” пакаралі 20-цю базавымі



Пінскі суд пакараў 20-цю базавымі Анатоля Чэшуіна, якога затрымалі на гарадской набярэжнай 3-га траўня падчас „кармлення галубоў”. Падставай для затрымання стала праверка ці не знаходзіўся ён на самаізаляцыі. У выніку яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі.

Суведка, удзельнік судовага разбіральніцтва Мікай Клімовіч кажа, што гэта акцыя скіраваная на запужванне пінчукоў, але нічога не атрымаецца:

– Я думаю гэта наадварот людзей яшчэ больш падначвае да нейкіх дзеянняў, да нейкіх рашэнняў. Людзі яшчэ больш разумеюць, што гэта за ўлада і чаго яна вартая. Настолькі гэта ўсё дастала, што проста цярпець ужо няма сілаў.

Судовы працэс над Анатолем Чэшуінам пачаўся яшчэ 8-га траўня, але двойчы пераносіўся з-за таго, што ў суд не з’яўляўся галоўны санітарны лекар Пінска, які і дачапіўся да пінчука з праверкай. Анатоль Чэшуін не згодны з рашэннем суда і будзе яго абскарджваць.

Беларускае Радыё Рацыя