У Пінску затрыманы Юрый Бахцераў



У Пінску затрыманы Юрый Бахцераў – адзін з сямі ўпаўнаважаных прадстаўнікоў пінскіх прыхільнікаў перамен. З вечара пятніцы ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання мясцовага аддзялення міліцыі. Чакаецца, што сёння над актывістам павінен адбыцца суд.

Сітуацыю пракаментавала паплечніца Бахцерава, спікер пінскіх пратэстоўцаў Вераніка Іванова:

– Магу толькі здагадвацца. Я мяркую, што гэта звязана з ягонай грамадзянскай пазіцыяй. Расцэньваю гэта, як адміністрацыйны ціскі на ініцыятыўных асобаў і ў цэлым на грамадзянскую супольнасць. Наўпрост элемент ціску і пры гэтым чакаемы. Няварта ім выкарыстоўваць закон толькі ў адзін бок.

Юрый Бахцераў вядомая асоба ў грамадска-палітычным жыцці Пінска. Амаль дзесяць гадоў з’яўляўся дэпутатам гарадскога Савета ад апазіцыі. У свой час быў пінскім каардынатарам „Руху „За Свабоду”.

Беларускае Радыё Рацыя